ГО́МЕЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Ф.Скарыны. Засн. ў 1969 на базе Гомельскага пед. ін-та імя В.П.Чкалава (у 1930—33 Гомельскі аграпедагагічны інстытут). У 1988 ун-ту прысвоена імя Ф.Скарыны. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: гісторыка-юрыд., філал., матэм., фіз., біял., эканам., геолага-геагр., фіз. культуры, завочны, дауніверсітэцкай падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі. Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1961. Савет па абароне доктарскіх дысертацый з 1995, 3 Саветы па абароне кандыдацкіх дысертацый з 1996. Мае: б-ку (каля 1 млн. экз.); н.-д. лабараторыі (перспектыўных матэрыялаў, лазернай тэхналогіі, лінгвістычную, музей-лабараторыю Ф.Скарыны); музеі (заал., геал., археал., спарт. славы); навучальна-навук. базу «Чонкі». Выдае падручнікі, навучальна-метадычную л-ру, навуч. дапаможнікі, шматтыражную газ. «Гомельскі універсітэт».

т. 5, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)